Школа імя Янкі Купалы
Наша Камунараўская школа імя Янкі Купалы размяшчаецца ў прыгожым кутку, які мае багатую гісторыю. Як кажуць, хто не ведае прошлага, той не мае будучыні. Менавіта таму ў нашай школе існуе музей, якія захоўвае шмат рэчаў, матэрыялаў, што распавядаюць нам аб шматграннай гісторыі вёскі. Школа наша неаднаразова з’яўлялася аб’ектам для наведвання шматлікімі гасцямі, і хто як не мы, яе вучні, павінны расказаць не толькі аб сучасным жыцці школы, але і аб гісторыі стварэння вёскі, з’яўлення школы, гісторыі іх назваў, вядомых асобах, якія стаялі ў вытокаў. Наша вёска і школа можа ганарыцца там, што неаднойчы з’яўлялася цэнтрам знакавых падзей. Аб адной з такіх падзей і пойдзе наша “гісторыя ў чамадане”.
У нашым школьным музеі ёсць адзін каштоўны экспанат. Мы яго зараз прадэманструем, а вы павінны адказаць, каму належала гэта рэч. Падказкі таксама ёсць у чамадане. (экскурсаводы дэманструюць брытву для галення, папаратнік, лічба 1957, кніга “Над ракой Арэсай”, партрэт Я.Купалы)
А зараз адкажыце на наступныя пытанні:
- Што звязвае палескую вёску Камуну з імям славутага паэта?
-
-
- Калі і чаму у Камуну прыязджаў Купала?
- Чаму наша школа носіць імя Янкі Купалы?
- Што стала вынікам паездкі?
- Што звязвае песняра з тым, што адлюстравана на фатаздымках? (дом Сулім, фота Дубовіка, дуб)
-
-
Сёння мы вам распаведаем пра тое, што адшукалі ў шматлікіх біяграфічных нарысах саратнікаў Купалы, відэафільмах, якія захоўваюцца ў літаратурным пакоі-музеі, успамінах сваіх землякоў - сведак падзей таго часу, калі камунараўскую зямлю наведаў паэт, матэрыялах перыядычнага друку.
Шматлікія крыніцы сведчаць аб тым, што тагачасная літаратура адлюстроўвала сацыяльна-грамадскія працэсы, падзеі, працоўныя будні. Пісьменніцкія брыгады выязджалі ў калгасы, на фабрыкі, заводы, у выніку павінны былі з'явіцца адпаведныя творы. Так, знакаміты пясняр з калегамі Уладзімірам Хадыкам і Платонам Галавачом у маі—чэрвені 1933 г. здзейснілі творчую камандзіроўку ў камуну імя Беларускай ваеннай акругі і саўгас імя Дзесяцігоддзя БССР, а ў у канцы чэрвеня 1933 г. у газеце “Звязда” быў надрукаваны лірычны рэпартаж - паэма Янкі Купалы "Над ракою Арэсай". Аднак не столькі сацыяльны заказ стаў крыніцай творчасці, колькі ўражанні ад поспехаў камунараў У гутарцы з карэспандэнтам газеты «Литературный Ленинград” у час I Усесаюзнага з'езда Савецкіх пісьменнікаў Купала сказаў: “Калі я ехаў у гэты калгас, я не думаў пісаць. Паэма сама склалася нечакана для мяне самога, калі я ўбачыў незвычайныя кантрасты. Яшчэ 2-3 гады назад тут было непраходнае балота, дрыгва, дзе гінулі людзі, калі яны збіваліся з вузкай сцежкі. Цяпер там велізарны калгас. Асушана некалькі тысяч гектараў. Праведзены добрыя дарогі, нават вузкакалейка пракладзена. Гэта сацыялістычнае пераўтварэнне зямлі зрабіла на мяне вялікае ўражанне, і за некалькі дзён да ад'езду з камуны я пачаў працаваць над паэмай».
Камунары з асаблівым хваляваннем чакалі сустрэчы з Купалам, бо кожны з іх яго лічыў сваім любімым песняром, рыхтавалі яму самую сардэчную сустрэчу. Амаль усе жыхары пасёлка выйшлі на дарогу, адкуль павінен быў з’явіцца паэт. Кожны запрашаў яго да сябе ў госці, прапанаваў начлег, свае паслугі. Але каб не замінаць людзям, паэт папрасіў адвесці для яго асобны пакойчык. “Я аднаго жадаю, каб да мяне прыходзілі ўсе, хто захоча, каб прыходзілі ў любы час”,— сказаў паэт. І людзі прыходзілі да яго. 3 яго пакоя даносіліся галасы камунараў і позна ўвечары і рана-рана. Уставаў ён вельмі рана, абыходзіў асушаныя палеткі тарфянікаў. І зараз каля Камуны стаіць 300-гадовы дуб, пад якім любіў адпачываць Іван Дамінікавіч. Нішто не мінала яго ўвагі, ён гутарыў з касцамі, рабочымі лесапілкі, цагельнага завода, жывёлаводамі… А колькі дзён правёў на дзікім балоце з меліяратарамі! Для Янкі Купалы штодзённа вылучалі каня ці машыну. Але амаль кожную раніцу Іван Дамінікавіч ішоў у поле пяшком. Ён вельмі любіў прысутнічаць на сходах камунараў, слухаць іх выступленні. Пасялілі паэта у хаце калгаснага цырульніка Уладзіміра Барысавіча Дубовіка. Даведаўшыся пра цырульніка, пісьменнікі пачалі хадзіць да яго, але грошай Дубовік не браў. Нягледзячы на гэта Янка Купала расплачваўся і за сябе, і за маладых калегаў. У доме былога камунара як рэліквія захоўвалася брытва, якой ён галіў народнага паэта. Расказаў Дубовік пра пакой, дзе жылі пісьменнікі: "Меў два вялікія вокны, каля дзвярэй у кутку — печка-грубка. Паміж печкай і сценкай знаходзіўся прамежак, там і спаў Купала, а Галавач і Хадыка клаліся каля тае сценкі, што выходзіла ў калідор. Ложкі былі звычайныя, салдацкія... Невялікі стол стаяў насупраць вакна, пры ім два крэслы". Успамінаў і знешні выгляд паэта: "...апранаўся папросту: гарнітур сіняга колеру з адценнем, каўнер заўсёды зашпілены, рэдка насіў гальштук. Хадзіў без кійка. Характарам быў спакойны, але кампанейскі".
Жывучы ў камуне, Янка Купала дзяліў з камунарамі і радасць, і гора. ІІрацуючы на лесапілцы, трагічна загінуў камунар Барысенка. Даведаўшыся пра гэта, Янка Купала прапанаваў на яго магіле правесці мітынг. Ён першым крочыўі' да месца пахавання. Напэўна, таму так пранікнёна гучаць у паэме словы пра Барысенку, што паэт добра ведаў гэтага чалавека. Ён з ім сустракаўся ў полі, на лесапілцы, слухаў яго прамовы на сходах. Камунары, зразумеўшы дабрыню, простасць народнага паэта, звярталіся да яго з рознымі пытаннямі.
Іван Дамінікавіч меў добрыя адносіны з калгасным ветэрынарам Дзям'янам Данілавічам Нагорным. Былы паляшук шмат расказваў пра балоты, жыццё людзей, пра хутар Сосны, дзе ён жыў. Паводле ўспамінаў Нагорнага, Янка Купала тры дні жыў у яго хаце, бо побач з пакоем, дзе месціліся пісьменнікі, знаходзілася канцылярыя, што перашкаджала паэту працаваць. А ў хаце на хутары працаваць было добра, тут Іван Дамінікавіч і сталаваўся. Увечары збіраліся людзі, ён распытваў іх пра мінулае, а потым пісаў да 12 гадзін ночы. Каб пісьменніку зручней было працаваць, у хаце палілі смалячка ці лучыну. Напісаныя раздзелы ён чытаў гасцям...
Янка Купала вельмі паважліва звяртаўся да простых людзей. Заходзячы на ферму, дзе ў тыя гады працавалі і старыя, і маладыя, Купала, вітаючыся, імкнуўся нікога не абмінуць: «Добры дзень, дзяўчаты-маладзіцы!» А колькі цікавага чулі ад яго камунары і самі распавядалі паэту, калі разам ездзілі за сем кіламетраў на Арэсу, плавалі на чоўне, вудзілі рыбу…
Паэт прыходзіў на вечарынкі, якія арганізоўвалі маладыя камунары, танцаваў, падтрымліваў прыпеўкі, вельмі любіў слухаць народныя песні, паданні. Не было такога дня, каб ён не заглянуў у школу, якую камунары пабудавалі для дзяцей з навакольных вёсак, бо сваіх сем'яў тады яшчэ не мелі. Прысутнічаў на ўроках, хадзіў з вучнямі ў паходы, цікавіўся,— кім яны хочуць быць? I кожны раз расказваў ім аб той ці іншай прафесіі, патрэбнай людзям. Дзеці вельмі чакалі такіх сустрэч. Жонка Эмануіла Модзіна Вера Мацвееўна працавала настаўніцай у школе. Яна згадвала пра сустрэчы настаўнікаў з паэтам. Асабліва Янка Купала паважаў выкладчыцу беларускай і рускай літаратуры Марыю Іллінічну Левановіч. Адукаваны чалавек, у размове з пісьменнікам яна выказвала цікавыя думкі і нават спрачалася з ім па пытаннях літаратуры. Такія дыспуты вельмі падабаліся Я.Купалу. Неаднойчы гаварыў з выкладчыкам матэматыкі Захарыкам. Са старэйшымі настаўнікамі жартаваў, трымаўся вольна, а маладзейшых паважаў, але ставіўся да іх строга, як да вучняў.
Вера Модзіна згадала і апошнюю сустрэчу камунараўскіх настаўнікаў з Янкам Купалам, вельмі шчырую і цёплую. Іван Дамінікавіч развітаўся з усімі, "як бацька, са старэйшымі абняўся і расцалаваўся, малодшым сардэчна падаў руку. Заглянуў у вочы, прывеціў добрым словам, якое надоўга запала ў душу і заахвоціла працаваць на ніве беларускай асветы яшчэ з большай энергіяй".
Паэт не ідэалізаваў тую рэчаіснасць, якую бачыў у камуне БВА. Пад час наведвання калгаса народным паэтам Беларусі Янкам Купалам, супаўшага з чацвёртай гадавінай існавання калгаса, сядзіба ўяўляла сабою сапраўдны гарадок. Большая колькасць жылых дамоў, у тым ліку двухпавярховыя, цудоўны клуб, школа-дзесяцігодка, радыёвузел, вытворчыя пабудовы, механічныя майстэрні, лесапільны завод, масласырзавод, цагельні, — усё гэта было электрыфікавана. Калгас быў аснашчаны трактарамі, аўтамашынамі і сваёй вузкакалейкай, якая звязвала калгас з сеццю чыгуначных дарог краіны. Самому Купалу паэма падабалася. Ён часта выступаў з чытаннем паэмы і ў рэспубліцы, і за яе межамі. Для нас паэма "Над ракою Арэсай" захоўвае значэнне як сведка часу, як паэтычны дакумент эпохі, гісторыі нашай вёскі. Аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка на адзіным у краіне музеі меліярацыі, выстава камянёў, на якіх пазначана біяграфія Купалы.
Засталося даведацца аб падзеях, звязаных з тым часам, калі школе было прысвоена імя Янкі Купалы. Гэта падзея не была выпадковай. У 50-ыя гады ХХ стагоддзя даная ўстанова адукацыі з’яўлялася сямігодкай, і яе ўзначальваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Фёдаравіч Свінкоўскі. Напярэдадні 75-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ён наведаўся ў Мінск і сустрэўся там з жонкай знакамітага паэта і празаіка Уладзіславай Францаўнай. Яны ўспомнілі Івана Дамінікавіча, пагутарылі пра яго літаратурную дзейнасць, абмеркавалі прапанову Мікалая Фёдаравіча пра тое, каб Камунараўскай сямігодцы было прысвоена імя Янкі Купалы. У хуткім часе так і сталася. 17 ліпеня 1957 года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову і дзеля ўвекавечання памяці пра Янку Купалу прысвоіў яго імя шэрагу ўстаноў, арганізацый, у тым ліку Камунараўскай сямігодцы і яшчэ адной школе Маладзечанскага раёна. А 20 кастрычніка 1997 года суполка Камунараўскай сярэдняй школы імя Янкі Купалы была прынята ў сябры Міжнароднага фонду Янкі Купалы.
Калі гаварыць пра юбілейныя даты для нашай вёскі, то іх некалькі, усе яны перапляліся і злучыліся, звязаўшы назаўсёды гісторыю чырвонаармейскай камуны і імя славутага паэта.
У ліпені 2017 года з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы у Камуне адбылося раённае
У 2018 годзе мы будзем святкаваць 85-годдзе паэмы “Над ракой Арэсай”.
Мы спадзяёмся, што пасля нашага аповяда вы па-іншаму пагледзіце на фатаздымкі з выявамі першых камунараў, задумаецеся аб тым, што і ў вашых жылах цячэ кроў камунараў, і будзеце ганарыцца тым, што гэты маленькі куточак гераічнай, вядомай за межамі Беларусі зямлі, праслаўлены Янкам Купалам – наша малая Радзіма, і самае меншае, што мы павінны рабіць – гэта глыбей спасцігаць гісторыю вёскі, апетай вялікім песняром, старанна вывучаць творы Купалы і распавядаць аб тым, што лёс дараваў нам такое шчасце – нарадзіцца на легендарнай зямлі, слаўнай сваімі працоўнымі дасягненнямі.