Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Экскурсійны маршрут па вёсцы Камуна

Дата: 21 сентября 2017 в 16:23, Обновлено 20 сентября 2023 в 15:15

Спадчына! Якое простае слова і які няпросты яго сэнс! Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць. Сапраўды, цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў. Мы запрашаем вас прайсціся сцежкамі па памятных мясцінах вёскі Камуна, прыгадаць яе спадчыну.

 (Аб’ект 1) Гісторыя вёскі Камуна неразрыўна звязана з гісторыяй калгаса імя БВА. Таму мы пачнём экскурсію з мемарыяльнага знака, які быў устаноўлены ў 2005 г. да 100-годдзя з дня  нараджэння Героя Сацыялістычнай Працы, першага старшыні  праўлення калгаса імя БВА  Эмануіла Натанавіча Модзіна. Чалавека-легенду Эмануіла Модзіна мы, камунары, па праву лічым заснавальнікам нашай вёскі. Эмануіл Натанавіч Модзін служыў у 7-й Самарскай  дывізіі. Аднойчы, калі на занятках зайшла размова пра калектывізацыю, ён прапанаваў салдатам, якім быў срок дэмабілізавацца, ехаць у вёску і арганізаваць сваю сельскагаспадарчую камуну. Прапанова многіх зацікавіла. Сярод тых, першых, былі энтузіясты Фёдар Коўрык, Яфрэм Зенаў, Іван  Данілаў, Міхаіл Осіпаў, Шматаў, Цімафей Анісімаў, Эмануіл Модзін. На чатырох падводах прыехалі  модзінцы пакараць палескія балоты. Так вясной 1929 г. на востраве Забалоцце з'явілася  першая палатка,  а да восені ўтварылася чырвонаармейская камуна.

(Аб’ект 2) Мы з вамі знаходзімся на гэтым самым месцы, з якога і пачалося будаўніцтва Камуны.

А Забалоццем той бугор

Зваў паляшук здаўна,

Дзе першы раз нагу сваю

Паставіў камунар.

Былі тут калісьці

Багнішчы – балоты

Ў дрыгве прэла лісце,

Асокі, чароты….

Чырвонаармейцы пад кіраўніцтвам Модзіна  пачалі арганізоўваць новую калектыўную гаспадарку - камуну. Аднаіменную назву атрымала і вёска, якая нарадзілася сярод непраходных балот. Камуна, якая за невялікі гістарычны час набыла багатую і слаўную гісторыю. Гісторыю, якую мы, вучні і жыхары, памятаем і шануем.

(Аб’ект 3) Адным з аб’ектаў вёскі, які захоўвае памяць аб гадах, калі на Любаншчыне пачалося асушэнне балот, з’яўляецца адзіны ў Беларусі музей меліярацыі. У музеі прадстаўлены некалькі экспазіцый. “Сівая даўніна” расказвае пра быт і жыццё палешукоў яшчэ ў дарэвалюцыйны час, прадстаўлена гісторыя калгаса імя БВА.  Тут вы можаце ўбачыць ператварэнне тых мясцін, дзе некалі знаходзілася сапраўднае царства непраходных балот, у квітнеючы край.

У экспазіцыі музея асобнае месца займаюць партрэты першапраходцаў Мар’інскага болота, іх дакументы, якія расказваюць, што пра асушэнне балот.   У двары  музея ў якасці экспанатаў  стаіць спецыяльная меліярацыйная тэхніка, якая таксама, як некалі камунары, але ўжо ў пасляваенны час, змагалася з балотамі. Музей меліярацыі пабудаваны на месцы  былой чыгуначнай станцыі, якая размяшчалася на чыгуначнай вузкакалейцы Сосны-Зімавішча даўжынёй 24 км.

(Аб'ект 4) Галоўнай складанасцю для камунароў у пачатку асушэння балот была адсутнасць дарог. Камунары былі проста адрэзаны ад цывілізацыі. Будаўніцтва дарогі стала першапачатковай задачай. І тады камунары арганізавалі жаночую брыгаду начале з Пракопам Адзярыхам, які да службы ў арміі працаваў на чыгунцы.  Да вясны вузкакалейная чыгунка даўжынёй 9 км была пабудавана.

Да саўгаса «Сосны»

Па балоце-рэйкі,

Гэта ад камуны

Йдзе вузкакалейка.

Строіў Адзярыха

Для працоўных масаў –

Чырвонаармеец

Адстаўны ад часу.

(Аб’ект 5) Звесткі аб арганізацыі Камуны, гісторыі калгаса і важныя гісторыка-культурныя падзеі на тэрыторыі краіны захоўваюцца ў ДУА “Камунараўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа імя Янкі Купалы”. Крочым туды…

Зараз школа размяшчаецца ў новым будынку, які адчыніў свае дзверы у 2005г. Школай трох музеяў  назваў карэспандэнт газеты “Звязда” нашу навучальную ўстанову. У школе створаны і функцыяніруюць наступныя пакоі: пакой-музей імя Янкі Купалы, пакой гісторыі стварэння калгаса імя БВА і этнаграфічны пакой. Кожны з пакояў мае сваё адметнае афармленне, экспазіцыйны матэрыял, працуе лектарская група.

Літаратурны пакой-музей імя Янкі Купалы адлюстроўвае жыццёвы і творчы шлях паэта і складаецца з наступных экспазіцый:

  • Янка Купала ў дыялогу культур;
  • Лаўрэаты прэміі Янкі Купалы:
  • З Купалам у сэрцы, творчыя работы вучняў:
  • Літаратурныя вандроўкі па Купалавых мясцінах.

У пакоі гісторыі стварэння калгаса імя БВА сабраны матэрыял, які адлюстроўвае асноўныя этапы развіцця гаспадаркі:

  • Так жылі палешукі;
  • Наступленне пачалося;
  • Першыя крокі;
  • Ідзе вайна народная;
  • Аднаўленне.

Цэнтральнае месца ў пакоі займае матэрыял, прысвечаны творчай камандзіроўцы Янкі Купалы ў маі-чэрвені 1933 года ў Камуну, і як вынік гэтага - напісанне паэмы “Над ракой Арэсай”.

Пакой этнаграфіі адлюстроўвае ўклад жыцця нашых продкаў. Інтэр’ер сялянскай хаты, у якой сабраны матэрыял хатняга ўжытку, працоўны інвентар. Наведвальнікі гэтай экспазіцыі могуць не толькі ўбачыць экспанаты, але вам і прадэманструюць, як, напрыклад, працуе ткацкі станок і пакажуць вырабы. Адным словам, вы можаце зрабіць цікавае падарожжа ў свет народнага побыту. Дзверы нашых музеяў заўсёды адчынены і запрашаюць наведаць гэты цікавы куток.

(Аб’ект 6) Цудоўныя краявіды школьнага двара зачароўвае і захапляе гасцей, бо ўсё гэта патанае ў птушыных галасах, у квецені. Ціха і вольна раскінулася пры ўваходзе ў школьны двор экспазіцыя валуноў пад адкрытым небам “Пуцявіны Купалы”. Кожны камень-валун апавядае пра жыццёвы і творчы лёс паэта. Янка Купала быў уражаны велічнай і самаадданай барацьбой камунараў з балотамі, іх працоўнымі дасягненнямі, якія былі далёка вядомы за межамі рэспублікі. 

(Аб’ект 7) Мірную стваральную працу камунараў перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Аб вераломным нападзе гітлераўскіх полчышч камунары даведаліся ў той жа дзень – 22 чэрвеня. А 23 чэрвеня варожыя самалёты закружыліся над славутым калгасам.

На пачатку вайны ў в.Камуна налічвалася 210 двароў. 17 ліпеня 1941года, па ўспамінах  былой жыхаркі вёскі А.П.Адзярыха, немцы поўнасцю спалілі вёску, засталося толькі некалькі двароў каля лесу.

(Аб’ект 8) У першыя дні вайны паўсталі камунары на барацьбу з ненавісным ворагам. Па-геройску змагаліся камунары на фронце, у тыле ворага далёка грымела слава аб мужнай барацьбе народных мсціўцаў з партызанскіх атрадаў імя Кастуся Каліноўскага, Аляксандра Неўскага, імя Кірава, імя Жалязняка і іншых. З франтоў Вялікай Айчыннай вайны ў родную вёску не вярнуліся многія камунары. Больш за 30 чалавек загінула ў партызанскіх атрадах. У гонар загінуўшых створаны мемарыяльны комплекс, на сцяне Памяці высечаны прозвішчы тых, хто аддаў сваё жыццё за нашае шчаслівае будучае, а побач схілены ў жалобе воін-салдат.

(Аб'ект 9) Вялікі матэрыяльны ўрон нанеслі калгасу фашысцкія захопнікі, вёска была спалена, знішчаны і гаспадарчыя пабудовы. Але дружна ўзяліся калгаснікі за аднаўленне гаспадаркі. З 1952 па 1962 год калгас  узначаліў  Ц.Я.Смірноў. Гаспадарка пад яго кіраўніцтвам дабівалася высокіх эканамічных паказчыкаў. У 1957 г. за высокія паказчыкі ў развіцці сельскагаспадарчай прамысловасці калгас удзельнічаў ва Усесаюзнай выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі, а старшыні калгаса  Ц.Я.Смірнову  было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Многія калгаснікі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

У 1972 годзе на будынку праўлення гаспадаркі калгаса імя БВА ў гонар Смірнова Ц.Я. была ўстаноўлена  мемарыяльная дошка, а адна з вуліц вёскі носіць яго імя.

Квітней і прыгажэй, камунараўскі край, заўсёды! Мы ганарымся слаўнай гісторыяй сваёй вёскі. Мы – нашчадкі камунараў імкнёмся быць дастойнымі сваіх дзядоў і прадзедаў, шануем мінулае і традыцыі камунараўскага краю.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.